Єдність у розмаїтті

ДАРОГА СМЕРЦІ

Александр ПІЛЕЦКІ, Беларусь (спеціально для «Форуму націй»)

«Чалавек, што зрабіў злачынства і існуе з ім, злачынец. Ён здольны чыніць зло. Ён падлягае кары. Хто пакаяўся і праз пакуты сумлення, сорам і боль вярнуўся ў пачатак, каб тварыць дабро, той ачысціўся, стаў чалавекам. Вось дзе духоўная сутнасць жыцця і смерці, вечнасці і бяссмерця. Патрабаванне ўсёй праўды аб злачынствах 1930–1950-х гадоў гэта голас народнага сумлення.

Ачышчэнне сумлення неабходнае грамадству, якое дапусціла і спарадзіла генацыд – найвялікшае злачынства супраць чалавецтва. Вядома ж, ня стануць раскайвацца ні нябожчыкі-забойцы, ні нават «ціхія пенсіянеры». Раскайвацца павінны наступныя пакаленні, якія і ня бачылі той бяды, раскайвацца за грахі продкаў. Маральныя пакуты павінны браць на сябе нашчадкі народу, аплакаць ахвяры, даць ацэнку злачынствам. Такая духоўная дыялектыка грамадства. Павінен быць рахунак сумлення, каб не вярнулася смерць. Народ, як і чалавек, мае сваю індывідуальнасць. Толькі чалавек адзінокі, а народ шматлікі. Толькі чалавек абмежаваны ў часе сваім векам, а народ вечны сваёй гісторыяй»… Гэтыя радкі былі апублікаваныя ў афіцыйным і папулярным сярод мінскай інтэлігенцыі выданні «Літаратура і мастацтва» 3 чэрвеня 1988 году. З іх пачалося раскрыццё праўды пра Курапаты. Гэтая праўда праз год перарасла ў шырокі нацыянальны рух, а яшчэ праз некаторы час – у незалежнасць Беларусі. Аўтарам артыкула «Курапаты – дарога смерці» быў археолаг Зянон Пазняк, які дагэтуль шмат для каго з’яўляецца сімвалам барацьбы за сапраўдную беларускую дзяржаву…

Курапаты сёння – гэта назва ўрочышча, лясны масіў пад сталіцай Беларусі Мінскам. Размешчаны амаль у межах горада, упрытык да кальцавой аўтадарогі. У 1937– 41 гадах Курапаты – месца масавых расстрэлаў ахвяр сталінскіх рэпрэсій, магіла для тысяч людзей.

У красавіку-маі 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей. Гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасці ўжо згаданага Зянона Пазняка і грамадскай арганізацыі «Мартыралог Беларусі». Ужо ў чэрвені 1988 г. была створана ўрадавая камісія, і пракуратурай тады яшчэ БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах масавых пахаванняў. У працэсе расследавання, што падцвярджае інфармацыйнае паведамленне Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь, апублікаванае ў чэрвені 1996, было ўстаноўлена, што тут з 1937-га па 1941-ы год супрацоўнікі НКУС БССР расстрэлвалі рэпрэсіраванных жыхароў рэспублікі.

Пры падрабязным аглядзе ляснога масіву было выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га размешчана 510 пахаванняў, з якіх у ходзе эксгумацыі праверана 8. У 6-ці былі знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзенне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых. У ходзе расследавання правяралася інфармацыя Мінскага гарадскога клуба гістарычных ведаў аб тым, што ў Курапатах ляжаць ахвяры фашысцкага генацыду, у тым ліку яўрэі, дэпартаваныя з краін Заходняй Еўропы, аднак гэтыя звесткі не былі пацверджаныя. Усе забітыя былі савецкімі грамадзянамі, ахвярамі савецкай сістэмы.

Вядома, што ў Курапатах пахавана прыкладна ад 7-мі (па звестках Алега Бажэлкі) да 30-ці (Тарнаўскі) тысяч чалавек. Асобныя беларускія палітыкі і гісторыкі гавораць аб 100 і нават 250 тысячах чалавек.

У канцы 80-ых гадоў мінулага стагоддзя гісторыкам і краязнаўцам ўдалося пагаварыць з людзьмі, якія ў другой палове 30-х жылі ў навакольных вёсках. Вось што яны расказвалі:

«Расстрэлы пачаліся тут у 1937 годзе. Спачатку тройчы ў дзень – на раніцы, у 14 гадзін і вечарам, калі сцямнее, у лес прывозілі па некалькі машын людзей і расстрэлвалі. Трупы скідалі ў загадзя выкапаныя глыбокія ямы, штабель на штабель. Настраляўшы даверху, ямы прысыпалі пластом пяску ня больш за 20-25 сантыметраў. Часам зверху саджалі сасонку.

У другой палове 1937 году месца абгарадзілі. Смяротнікаў пачалі прывозіць па іншым графіку: пасля абеду, пад вечар і цэлую ноч. Вазілі безупынна штодня. Кожны дзень стралялі, – расказвае жыхарка Цны Кацярына Мікалаеўна Багайчук (1919 году нараджэння), – і машыны гулі. Бывала, як толькі вечар, мужчыны збяруцца, выйдуць на двор, паслухаюць, як страляюць, пагавораць гэтак ціха, пабядуюць і разыходзяцца».
«Іншы раз адразу па некалькі машын заяжджала ў загарадку, вазілі без перастанку, – расказвае Дар’я Ігнатаўна Тоўсьцік з Цны (з 1911 г.). – А дарога ў лесе выкатана, як асфальт. Як пачнуць страляць, дык чуваць было енкі, плач, праклёны».

«Уся вёска была ў страху. Пяць гадоў па начах не маглі спаць ад стрэлаў. Старэйшыя хлопцы, які смялейшы, дык нават лазілі за плот, рабілі дзіркі ў агароджы і шмат што бачылі».

Публікацыя гэтых кароткіх успамінаў сталася адкрыццём праўды аб сталінскіх рэпрэсіях. Па курапацкай справе за апошнія 20 гадоў было праведзена 4 афіцыйныя следствы паводле патрабаванняў розных грамадзкіх арганізацый. Працавалі спецыялісты з Генеральнай пракуратуры, Вайсковай пракуратуры, навукоўцы. Усе яны прыйшлі да адназначнага заключэння, што расстрэлы тут вяліся органамі НКВД на працягу 1930-х гадоў і да пачатку вайны 1941–45 гадоў. Заключэнне апошняга сьледзтва дагэтуль афіцыйна не апублікаванае.

Артыкул «Курапаты – дарога смерці» быў надрукаваны ў газэце «Літаратура і мастацтва», чыім галоўным рэдактарам быў паэт Анатоль Вярцінскі. Напрыканцы 1980-х гадоў яна была адным з самых смелых і рашучых СМІ. Праз 20 гадоў пасля публікацыі Анатоль Вярцінскі згадваў, што страху, друкуючы сенсацыйны матэрыял, ён не адчуваў: «Наколькі я памятаю, асаблівага страху адносна таго, ці друкаваць артыкул, не было. Быў іншы страх – страх перад тымі фактамі, перад тым жудасным малюнкам, якія адкрывалі аўтары. Гэта не магло не прывесці ў шок. Але ў мяне не было ніякіх сумневаў адносна публікацыі. Я разумеў, што гэта абавязкова трэба друкаваць, хаця ў той час мы хадзілі пад уладай ЦК КПБ. Але быў разгар перабудовы зь яе ўстаноўкамі на галоснасьць і дэмакратыю».

Раскрыць таямніцу Курапатаў было не так лёгка. Удзельнік раскопак 1988 году, Яўген Шмыгалёў, згадвае, што паводле характару раскопаў і шурфоў было бачна – сляды масавых пахаванняў ужо ў пасляваенныя гады імкнуліся схаваць: «5 траўня 1988 году сіламі археалагічнай групы Інстытуту гісторыі АН БССР мы правялі раскопкі адной з магілаў. Шурф 0,5x1 м. у цэнтры западзіны быў выкапаны на глыбіню 1,5 метра. Ніякіх вынікаў. Чысты пясок. Гэтае адкрыццё ўсю нашу групу ў складзе пяці чалавек уразіла ня менш, чым сам факт масавых рэпрэсіяў. Як жа мы недаацанілі іх подласць! Вось хто капаўся тут пасля вайны! Замяталі сляды. Значыць, ведалі яшчэ тады, што тварылі! Дзе ж ваша «чэсная» упэўненасьць у справядлівасці сваіх справаў, у справядлівасці загадаў?! Аказваецца, вы баяліся яшчэ тады. Зрабіць такую егіпецкую работу! Выкапаць столькі трупаў! Куды ж вы іх падзелі? Вывезлі і закапалі? Спалілі? Ня дробная сошка дала загад на эксгумацыю. Берыя? Малянкоў? Хто?»

Аднак у той жа дзень, на самым пачатку раскопак выявілася, што замесці сляды цалкам немагчыма. «Да нас падышлі хлапчукі, што 1-га траўня капалі зямлянку ў магільнай западзіне, і павялі на другі канец тэрыторыі. Яны раскідалі яловыя лапкі, што прыкрывалі загарадку з жэрдак, і мы ўбачылі кучу прастрэленых чалавечых чарапоў, касцей, скуранога і гумовага абутку. Заглыбіўшы сваю зямлянку амаль на два метры, хлопцы наткнуліся на завал чалавечых касцей. Яны адкапалі ніжні штабель магілы», – пісаў у 1988 Шмыгалёў.

За больш чым 20 гадоў, якія прайшлі з часу першых даследаванняў Курапатаў, з пункту гледжання дасьледаванасці урочышча зроблена вельмі мала. Дакладна ўстаноўлена, што расстрэлы ў Курапатах і пахаванні забітых людзей здзяйсняліся ў 30-я гады. Але гэта толькі пачатак расследаваньня Курапацкай справы. Крывальцэвіч лічыць, што трэба ведаць, каго расстрэльвалі, хто расстрэльваў, адкуль людзей прывозілі, якія фармальныя справы ім інкрымініравалі... Працы яшчэ вельмі шмат. Бо Курапаты – гэта толькі адзін пункт на карце Беларусі, дзе вяліся расстрэлы. Каля кожнага вялікага горада былі месцы, дзе расстрэльвалі людзей. Зараз неабходна шукаць гэтыя месцы, даследаваць іх.

Цяпер вялікая праца кладзецца на плечы беларускага грамадства ў адстойванні праўды пра Курапаты і пра сталінскія рэпрэсіі. У Беларусі практычна прыпыненая ўся дзейнасць, звязаная з раскрыццём сталінскіх рэпрэсій. Грамадства мусіць дамагацца далейшага адкрыцця той праўды, якая сённяшнім беларускім уладам, з іх ідэалогіяй, проста непатрэбная.
Ва ўшанаванне памяці ахвяр у Курапатах пастаўленыя крыжы, іншыя мемарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі. Там паўстаў насамрэч народны мемарыял, складзены з сотняў простых драўляных крыжоў. Штогод іх становіцца больш, нягледзячы на тое, што невядомыя штогод здзяйсняюць акты вандалізму. Знішчаюць крыжы і ўчыняюць акты вандалізму. З 1993 году ўрочышча Курапаты занесена ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.

Аднак ужо ў найноўшы час Курапаты чакала яшчэ адно выпрабаванне. 20 верасня 2001 году, у дзень паўторнай інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі, пачалося пашырэнне Мінскай кальцавой дарогі праз урочышча. Мемарыял паўстаў перад пагрозай знішчэння. Аднак разбурыць памяць было не так проста. На той момант урочышча ўжо стала месцам паломніцтваў і памінання ахвяр сталінізму. На абарону Курапатаў ўсталі сябры Кансерватыўна- Хрысціянскай партыі БНФ і проста неабыякавая моладзь і грамадскасць.

На шляху будаўнічай тэхнікі ўсталёўваліся сотні крыжоў, праводзіліся набажэнствы, арганізоўвалася ахова. Вахта доўжылася 250 дзён, з 24 верасня 2001 па 3 чэрвеня 2002 года. У абароне бралі ўдзел сотні чалавек – і ветэраны апазіцыйнага руху, і зусім юныя «маладафронтаўцы», актывісты руху «Зубр». Менавіта ў гэтыя 250 гераічных дзён і начэй Курапаты сталі народным мемарыялам. Людзі паставілі тут крыжы памяці па сотнях тысяч ахвяраў чырвонага тэрору. Народ абараніў магілы і крыжы ад ўлады.

У выніку ўлады не рызыкнулі парвесці дарогу па касцях ахвяр – праект Мінскай кальцавой змянілі. Сёння яна праходзіць па ўскраіне урочышча і толькі закранае яго невялікую частку.

Штогод восенню прадстаўнікі самых розных партый і грамадскіх рухаў ладзяць шэсце ў Курапаты. Там усталёўваюцца новыя крыжы, праходзіць урачыстая імша. Ні жалобнае шэсце, ні мітынгі ў Курапатах ніколі не забараняліся беларускімі ўладамі. Гэта насамрэч шмат аб чым сведчыць. Як быццам нават далёкія ад дэмакратычных ідэалаў і ўшанавання памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій беларускія чыноўнікі разумеюць, як шмат значыць гэты сімвал для беларускай нацыі.

Мирослав МАРИНОВИЧ
Иосиф ЗИСЕЛЬС
Вячеслав ЛИХАЧЕВ
Олег РОСТОВЦЕВ
Віталій НАХМАНОВИЧ
Микола КНЯЖИЦЬКИЙ
Володимир КУЛИК
Виталий ПОРТНИКОВ
Олег РОСТОВЦЕВ